Пс 146
Альлелюя! Хвалі, душа мая, ГОСПАДА!
Хваліць буду ГОСПАДА, пакуль жыву; выслаўляць буду Бога майго, пакуль існую.
Не спадзявайцеся на магнатаў, на сына чалавечага, у якім няма выратаваньня!
Выйдзе дух з яго, і ён вернецца ў зямлю; у той самы дзень зьнікнуць і задумы ягоныя.
Шчасьлівы той, у каго Бог Якубаў — дапамога, у каго надзея на ГОСПАДА, Бога ягонага,
Які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў ім, Які захоўвае праўду на вякі,
Які ўчыняе суд для пакрыўджаных, дае хлеба галодным. ГОСПАД разьвязвае зьвязаных,
ГОСПАД расплюшчвае [вочы] сьляпых, ГОСПАД падыймае прыгнечаных, ГОСПАД любіць праведных.
ГОСПАД захоўвае прыхадняў, дапамагае сіротам і ўдовам, але шлях бязбожнікаў блытае.
10  Валадарыць ГОСПАД на вякі; твой Бог, Сыёне, з пакаленьня ў пакаленьне! Альлелюя!