Пс 148
Альлелюя! Хвалеце ГОСПАДА з неба, хвалеце Яго на вышынях!
Хвалеце Яго, усе анёлы Ягоныя! Хвалеце Яго, усе войскі Ягоныя!
Хвалеце Яго, сонца і месяц, хвалеце Яго, усе зоркі ясныя!
Хвалеце Яго, нябёсы нябёсаў, і вы, воды, што па-над нябёсамі!
Няхай яны хваляць імя ГОСПАДА, бо Ён загадаў, і былі створаныя,
і паставіў іх на вякі вечныя; даў ім пастанову, і не пераступяць яе.
Хвалеце ГОСПАДА з зямлі, цмокі і ўсе бяздоньні,
агонь і град, сьнег і туман, вецер бурны, які дзее паводле слова Ягонага,
горы і ўзгоркі ўсе, дрэвы пладовыя і кедры ўсе,
10  зьвяры і ўся скаціна, паўзуны і птаства крылатае,
11  валадары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе судзьдзі зямлі,
12  юнакі разам з дзяўчатамі, старыя і маладыя.
13  Няхай яны хваляць імя ГОСПАДА, бо толькі Ягонае імя ўзьвялічанае, слава Ягоная над зямлёю і небам!
14  Ён узьняў рог народу Свайго. Хвала Яму ад усіх багабойных Ягоных, ад сыноў Ізраіля, ад народу, блізкага Яму! Альлелюя!