Пс 149
Альлелюя! Сьпявайце ГОСПАДУ новы сьпеў; хвала Яму ў зграмаджэньні багабойных!
Весяліся, Ізраілю, ў Творцы тваім; радуйцеся, сыны Сыёну, у Валадару вашым!
Хвалеце імя Ягонае карагодамі, на бубнах і на гусьлях выслаўляйце Яго!
Бо даспадобы ГОСПАДУ народ Ягоны; уцісканым Ён зьявіць збаўленьне.
Будуць цешыцца багабойныя ў славе [Ягонай], будуць весяліцца на ложках сваіх.
Праслаўленьне Богу няхай будзе ў вуснах іхніх, а меч двусечны — у руцэ іхняй,
каб зьдзейсьніць помсту над паганамі, кару над народамі,
каб вязаць валадароў іхніх ланцугамі, і шляхту іхнюю — кайданамі жалезнымі,
каб учыніць для іх суд, як напісана. Гэткая велічнасьць для ўсіх багабойных Ягоных! Альлелюя!