Пс 21
Кіраўніку хору. Псальм Давіда.
ГОСПАДЗЕ! У моцы Тваёй будзе радавцца валадар, у збаўленьні Тваім ён вельмі ўсьцешыцца.
Ты даў яму жаданьне сэрца ягонага, і просьбам вуснаў ягоных Ты не адмовіў. (Сэлях.)
Бо Ты сустрэў яго дабраслаўленьнем дабра, усклаў яму на галаву карону з найчысьцейшага золата.
Жыцьцё ён прасіў у Цябе, Ты даў яму доўгасьць дзён на вякі вечныя.
Вялікая слава ягоная у збаўленьні Тваім; годнасьць і веліч Ты ўзлажыў на яго.
Бо Ты даў яму дабраслаўленьне вечнае, Ты разьвесяліў яго радасьцю перад абліччам Тваім.
Бо валадар спадзяецца на ГОСПАДА і праз міласэрнасьць Найвышэйшага не пахісьнецца,
Рука Твая знойдзе ўсіх ворагаў Тваіх, правіца Твая знойдзе тых, якія ненавідзяць Цябе.
10  Ты зробіш з іх печ вогненную у час [зьяўленьня] аблічча Твайго; ГОСПАД у гневе Сваім выгубіць іх, і агонь зжарэ іх.
11  Ты зьнішчыш плод іхні на зямлі і насеньне іхняе — спасярод сыноў чалавечых.
12  Бо яны кнулі ліхое супраць Цябе, надумалі зламыснае, якое не змаглі [зьдзейсьніць],
13  бо Ты павернеш іх наўцёкі, нацягнеш лук Твой супраць твару іхняга.
14  Узьніміся, ГОСПАДЗЕ, у моцы Тваёй! Мы будзем сьпяваць і выслаўляць магутнасьць Тваю.