Пс 24
Псальм Давіда. ГОСПАДАВА зямля і што напаўняе яе, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім.
Бо Ён на моры заснаваў яго, і на рэках угрунтаваў яго.
Хто ўзыйдзе на гару ГОСПАДАВУ, і хто стане на месцы Ягоным сьвятым?
Той, у каго рукі бязьвінныя і сэрца чыстае, хто душы сваёй да марноты не схіляе і не прысягае крывадушна, —
той атрымае дабраслаўленьне ад ГОСПАДА і праведнасьць ад Бога збаўленьня свайго.
Гэта пакаленьне тых, якія шукаюць Яго, якія шукаюць аблічча Твайго, [Бог] Якуба! (Сэлях)
Узьніміце, брамы, вярхі вашыя! Узьніміцеся, дзьверы адвечныя, каб увайшоў Валадар славы!
Хто-ж ёсьць Валадар славы? ГОСПАД моцны і магутны, ГОСПАД, магутны ў бітве.
Узьніміце, брамы, вярхі вашыя! Узьніміцеся, дзьверы адвечныя, каб увайшоў Валадар славы!
10  Хто ж ёсьць Валадар славы? ГОСПАД Магуцьцяў — Ён ёсьць Валадар славы! (Сэлях)