Пс 25
1  Давіда. Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, узьнімаю я душу маю.
2  Божа мой! На Цябе спадзяюся; ня дай мне быць асаромленым, ня дай ворагам маім быць нада мной пераможцамі.
3  Бо ўсе, што на Цябе спадзяюцца ня будуць асаромленыя. Будуць асаромлены тыя, што адступаюцца без прычыны.
4  ГОСПАДЗЕ, дай мне ведаць шляхі Твае, навучы мяне сьцежкам Тваім.
5  Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, бо Ты — Бог збаўленьня майго, на Цябе спадзяюся ў-ва ўсякі дзень.
6  Узгадай пра літасьць Тваю, ГОСПАДЗЕ, і пра міласэрнасьць Тваю, бо яны — ад вякоў.
7  Пра грахі маладосьці маёй і пра правіны мае ня ўзгадвай. Паводле міласэрнасьці Тваёй Ты ўзгадай пра мяне, дзеля добрасьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ!
8  ГОСПАД добры і справядлівы, таму Ён будзе навучаць [Свайму] шляху грэшнікаў.
9  Ён прывядзе ўцісканых на суд і навучыць уцісканых шляху Свайму.
10  Усе сьцежкі ГОСПАДА — міласэрнасьць і праўда для тых, якія захоўваюць запавет Ягоны і сьведчаньні Ягоныя.
11  Дзеля імя Твайго, ГОСПАДЗЕ, даруй мне беззаконьне маё, бо надта яно вялікае!
12  Хто той чалавек, які баіцца ГОСПАДА? Яго Ён навучыць шляху, які [трэба] выбраць яму.
13  Душа ягоная будзе жыць ў добрым, і насеньне ягонае зямлю ў спадчыну возьме.
14  Таямніца ГОСПАДА з тымі, што баяцца Яго, і запавет Свой Ён дае ім ведаць.
15  Вочы мае заўсёды [глядзяць] на ГОСПАДА, бо Ён выцягне з сеткі ногі мае.
16  Павярніся да мяне і зьлітуйся нада мною, бо я самотны і прыгнечаны.
17  Трывогі сэрца майго пашырыліся, выцягні мяне з бедаў маіх!
18  Глянь на пакуты мае і нядолю маю, і даруй мне ўсе грахі мае!
19  Глянь на ворагаў маіх, бо шмат іх і нянавісьцю злачыннаю яны ненавідзяць мяне.
20  Захавай душу маю і выратуй мяне, каб ня быў я асаромлены, бо я ў Табе маю надзею.
21  Беззаганнасьць і праведнасьць няхай захаваюць мяне, бо я на Цябе спадзяюся.
22  Божа, выбаў Ізраіля ад усіх трывогаў ягоных!