Пс 26
Давіда. Судзі мяне, ГОСПАДЗЕ, бо хадзіў я ў беззаганнасьці маёй і на ГОСПАДА спадзяваўся, не хістаючыся.
Выпрабуй мяне, ГОСПАДЗЕ, і дасьведчы; ачысьці ныркі мае і сэрца маё!
Бо міласэрнасьць Твая перад вачыма маімі, і я хаджу ў праўдзе Тваёй.
Я не сядзеў з людзьмі марнымі, і з крывадушнымі ня буду ўваходзіць.
Я ненавідзеў сходы злачынцаў, і з бязбожнікамі ня буду сядзець [разам].
Я абмыю ў нявіннасьці рукі мае і абыйду вакол ахвярніку Твайго, ГОСПАДЗЕ,
каб голасна дзякаваць Табе і абвяшчаць ўсе цуды Твае.
ГОСПАДЗЕ, я ўлюбіў сядзібу дому Твайго і месца сялібы славы Тваёй.
Не забяры душы маёй з грэшнікамі, ані жыцьця майго з людзьмі крывавымі,
10  у руках якіх брыдота, правіца якіх напоўнена хабарамі.
11  А я буду хадзіць у беззаганнасьці маёй. Выбаў Ты мяне і зьлітуйся нада мною!
12  Нага мая на роўным [месцы] стаіць; у зграмаджэньнях я буду дабраслаўляць ГОСПАДА.