Пс 27
Давіда. ГОСПАД — сьвятло маё і збаўленьне маё. Каго мне баяцца? ГОСПАД — апора жыцьця майго. Каго мне палохацца?
Калі злачынцы выйдуць супраць мяне, каб пажэрці цела маё, прыгнятальнікі і ворагі мае, яны самі спатыкнуцца і ўпадуць.
Калі табар вайсковы стане супраць мяне, сэрца маё ня будзе баяцца; калі ўзьнімецца супраць мяне вайна, я і тады буду спадзяваццца.
Аднаго я прашу ў ГОСПАДА і гэтага толькі шукаю, каб жыць мне ў доме ГОСПАДА ўсе дні жыцьця майго, каб бачыць хараство ГОСПАДА і разважаць у сьвятыні Ягонай.
Бо Ён заслоніць мяне ў схове Сваім у дзень злы, Ён схавае мяне пад заслонай намёту Свайго, і ўзьнясе мяне на скалу.
Гэтак будзе ўзьнесена цяпер галава мая па-над усімі ворагамі маімі вакол мяне, і буду ахвяроўваць ГОСПАДУ ахвяры ў намёце Ягоным пад трубныя гукі, буду сьпяваць і выслаўляць ГОСПАДА.
Пачуй, ГОСПАДЗЕ, голас мой, калі я клічу. Зьлітуйся нада мною і адкажы мне!
Пра Цябе кажа сэрца маё: “Шукайце аблічча Маё!” Я буду шукаць, ГОСПАДЗЕ, аблічча Тваё!
Не хавай ад мяне аблічча Тваё, не адцурайся ў гневе ад слугі Твайго! Ты быў мне ўспамогай! Не адкідай мяне і не пакінь мяне, Божа збаўленьня майго!
10  Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, а ГОСПАД прыгарнуў мяне.
11  Навучы мяне, ГОСПАДЗЕ, шляху Твайму, і вядзі мяне роўнай сьцежкай насупраць ворагам маім!
12  Не аддавай мяне ў рукі прыгнятальнікаў маіх, бо сьведкі фальшывыя паўсталі супраць мяне і той, што дыхае няправасьцю.
13  Але я веру, што ўбачу добрасьць ГОСПАДА ў зямлі жывых.
14  Спадзявайся на ГОСПАДА! Будзь цьвёрды і сэрца тваё ўмацуй, і спадзявайся на ГОСПАДА!