Пс 36
1  Кіраўніку хору: слугі ГОСПАДА Давіда.
2  Правіна бязбожніка засьведчана ў сэрцы маім: няма страху Божага перад вачыма ягонымі,
3  бо ён ашуквае сябе ў вачах сваіх, нібы шукае беззаконьня свайго, каб зьненавідзець яго.
4  Словы вуснаў ягоных — злачынства і падступнасьць, ён не захацеў разумець, каб рабіць добрае.
5  Ён злачынства надумляе на ложку сваім, ён стаіць на шляху нядобрым і ня грэбуе злом.
6  ГОСПАДЗЕ! Да нябёсаў міласэрнасьць Твая, а вернасьць Твая — аж да аблокаў!
7  Праведнасьць Твая — быццам Божыя горы, суды Твае — як вялізнае бяздоньне! Людзей і скаціну Ты збаўляеш, ГОСПАДЗЕ.
8  Якая каштоўная, Божа, міласэрнасьць Твая! Сыны чалавечыя ў ценю крылаў Тваіх маюць надзею.
9  Яны насычаюцца ад тлустасьці дому Твайго, і са струменя асалодаў Тваіх Ты іх поіш,
10  бо крыніца жыцьця — у Табе, у сьвятле Тваім мы бачым сьвятло.
11  Расьцягні міласэрнасьць Тваю над тымі, што ведаюць Цябе, і праведнасьць Тваю — над [людзьмі] са шчырым сэрцам.
12  Няхай ня прыйдзе на мяне нага пыхлівых, і рука бязбожніка няхай ня зрушыць мяне.
13  Там упадуць злачынцы, паваляцца і ня здолеюць паўстаць.