Пс 37
1  Давіда. Ня гневайся на злачынцаў, не зайздросьці тым, што робяць беззаконьне,
2  бо яны, як трава, будуць хутка скошаныя і павянуць, як зялёная расьліна.
3  Спадзявайся на ГОСПАДА і рабі добрае, жыві на зямлі і праўда няхай пасьвіць [цябе];
4  мей прыемнасьць у ГОСПАДЗЕ, і Ён табе дасьць прагненьні сэрца твайго.
5  Аддай ГОСПАДУ шлях свой і спадзявайся на Яго, і Ён [усё] зробіць,
6  і выведзе праведнасьць тваю як сьвятло, і суд твой — як белы дзень.
7  Ціхі будзь перад ГОСПАДАМ і чакай на Яго, ня гневайся на таго, хто мае посьпех на шляху сваім, на чалавека, які робіць зламыснае.
8  Ухіліся ад гневу, пакінь ярасьць, ня гневайся, каб ты ня стаўся злачынцам,
9  бо злачынцы будуць зьнішчаныя, а тыя, што спадзяюцца на ГОСПАДА, возьмуць у спадчыну зямлю.
10  Яшчэ крыху, і ня будзе бязбожніка; глянеш на месца ягонае, а яго няма!
11  А пакорныя зямлю ў спадчыну возьмуць і будуць мець прыемнасьць у мностве супакою.
12  Бязбожнік задумвае ліхое супраць праведнага і скрыгоча на яго зубамі сваімі.
13  Госпад сьмяецца з яго, бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны.
14  Бязбожнікі выцягнулі меч і нацягнулі лук свой, каб паваліць прыгнечанага і беднага, каб замардаваць тых, у каго шлях просты.
15  Меч іхні ўвойдзе ў іхняе сэрца, і лук іхні будзе зламаны.
16  Малое ў праведніка лепшае за багацьце шматлікіх бязбожнікаў.
17  Бо рамёны бязбожнікаў будуць скрышаныя, а праведнікаў падтрымлівае ГОСПАД.
18  Ведае ГОСПАД дні беззаганных, і спадчына іхняя будзе на вякі.
19  Ня будуць яны асаромленыя ў час ліхі, а ў дні голаду будуць насычаныя.
20  Бо загінуць бязбожнікі, і ворагі ГОСПАДА зьнікнуць, як тлустасьць авечак у дыме зьнікае.
21  Бярэ бязбожнік у доўг — і [доўгу] ня верне; а праведнік літуецца і дае.
22  Бо дабраслаўленыя [Богам] зямлю ў спадчыну возьмуць, а тыя, што праклятыя Ім, будуць зьнішчаныя.
23  ГОСПАД умацоўвае крокі чалавека, калі шлях ягоны даспадобы Яму.
24  Калі ўпадзе, не заб’ецца, бо Госпад падтрымлівае руку ягоную.
25  Я быў малады і стаўся стары, і ня бачыў, каб праведнік быў пакінуты, каб насеньне ягонае шукала хлеба.
26  Кожны дзень ён літуецца і пазычае, і насеньне ягонае мае дабраслаўленьне.
27  Аддаліся ад зла і рабі добрае, і будзеш жыць на вякі.
28  Бо ГОСПАД любіць суд, і Ён не пакіне багабойных Сваіх, на вякі захавае іх, а насеньне бязбожнікаў будзе зьнішчана.
29  Праведнікі возьмуць у спадчыну зямлю і будуць жыць у ёй вечна.
30  Вусны праведніка выказваюць мудрасьць, і язык ягоны гаворыць суд.
31  Закон Бога ягонага ў сэрцы ягоным; ня будуць хістацца крокі ягоныя.
32  Бязбожнік сочыць за праведнікам і шукае, каб прывесьці да сьмерці яго.
33  ГОСПАД не пакіне яго ў руцэ ягонай, не асудзіць яго, калі ён будзе суджаны.
34  Спадзявайся на ГОСПАДА, і захоўвай шлях Ягоны, і Ён узвысіць цябе, каб ты ўзяў у спадчыну зямлю; і калі будуць зьнішчаныя бязбожнікі, ты ўбачыш.
35  Я бачыў бязбожніка, моцнага і разгалінаванага, быццам галінастае тутэйшае дрэва,
36  але прамінуў ён, няма яго, і я шукаў яго, і не знайшоў.
37  Зважай на беззаганнага і глядзі на правага, бо канец [гэтага] чалавека ёсьць супакой.
38  А адступнікі будуць зьнішчаны чыста; і канец бязбожных — зьнішчэньне.
39  Выратаваньне праведнікаў ад ГОСПАДА, Ён — апора іхняя ў час трывогі.
40  ГОСПАД дапаможа ім і вызваліць іх; Ён вызваліць іх ад бязбожнікаў і збавіць іх, бо яны ў Ім маюць надзею.