Пс 38
Псальм Давіда. Напамін.
ГОСПАДЗЕ, у абурэньні Тваім не карай мяне і ў ярасьці Тваёй не вучы мяне!
Бо стрэлы Твае пранізалі мяне, і лягла на мяне рука Твая.
Няма цэлага месца на целе дзеля гневу Твайго, няма супакою ў костках маіх дзеля грэху майго.
Бо правіны мае ўзьняліся вышэй галавы маёй, як бярэмя цяжкое яны абцяжарваюць мяне.
Сьмярдзяць, гнаяцца раны мае дзеля дурасьці маёй.
Я скрывіўся, моцна схіліўся, усе дні ў смутку хаджу,
Бо сьцёгны мае напоўненыя распаленымі [ранамі], і няма цэлага месца ў целе маім.
Я зьнямогся і моцна скрышаны, я выю дзеля енку сэрца майго.
10  Госпадзе мой, перад Табою ўсё жаданьне маё, і уздыханьне маё ад Цябе не схаванае.
11  Сэрца маё трапечацца; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх — няма яго ў мяне.
12  Тыя, што любілі мяне, і бліжнія мае стаяць насупраць ранаў маіх, і сваякі мае стаяць здалёк ад мяне.
13  Тыя, што шукаюць душу маю, ставяць сіло [на мяне]; а тыя, што жадаюць ліхога для мяне, гавораць пра згубу маю і ўвесь дзень задумваюць падступнасьць.
14  А я, быццам глухі, ня чую, і быццам нямы, які не расчыняе вуснаў сваіх.
15  І стаўся я, быццам чалавек, які ня чуе, і няма дакараньня ў вуснах ягоных.
16  Бо на Цябе, ГОСПАДЗЕ, я спадзяюся; Ты адкажаш, Госпадзе, Божа мой!
17  Бо я сказаў: “Няхай яны ня радуюцца з мяне! Калі пахіснулася нага мая, няхай яны не вывышаюцца нада мною.
18  Бо я блізкі да падзеньня, і боль мой заўсёды перада мною.
19  Бо беззаконьне маё я апавядаю, сумую дзеля грэху майго.
20  А ворагі мае жывыя і ўзмацняюцца, і шматлікімі сталі тыя, якія няслушна мяне ненавідзяць.
21  Яны плацяць мне злом за дабро; яны супрацьстаяць мне, бо я за добрым ганюся.
22  Не пакінь мяне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, не аддаляйся ад мяне!
23  Пасьпяшайся на ўспамогу мне, Госпадзе выратаваньня майго!