Пс 83
Сьпеў. Псальм Асафа.
Божа! Не маўчы, і ня будзь у маўчаньні і ў супакоі, Божа!
Бо вось, узварухнуліся ворагі Твае, і ненавісьнікі Тваі паднялі галаву.
Супраць народу Твайго яны кнуюць [намеры] таемныя і радзяцца супраць тых, каго Ты ахоўваеш.
Яны сказалі: “Хадзіце і сатрэм іх між народамі, і імя Ізраіля ня будзе ўзгадвацца болей”.
Бо радзіліся яны аднадумна, супраць Цябе заключылі запавет
намёты Эдому і Ізмаэляне, Мааў і Агаране,
Геваль і Амон і Амалек, Філістынцы і жыхары Тыру.
І Асур далучыўся да іх, стаўся ён рамяном для сыноў Лёта. (Сэлях)
10  Зрабі ж Ты ім як Мадыяну, як Сісэры, як Явіну ля ручая Кішон,
11  якія зьнішчаныя каля Эндору, сталіся як гной на зямлі.
12  Учыні з імі, з магнатамі іхнімі як з Арэвам і Зэвам, і з усімі князямі іхнімі, як з Зэвахам і Сальмунам,
13  якія казалі: “Возьмем сабе ў спадчыну сялібы Божыя!”
14  Божа мой! Зрабі іх як [пыл у] віхуры, як салому пад ветрам!
15  Як агонь паліць лясы і як полымя апальвае горы,
16  гэтак перасьледуй Ты іх бурай Тваёю і віхрам Тваім напалохай!
17  Напоўні сорамам твары іхнія, і будуць шукаць імя Тваё, ГОСПАДЗЕ.
18  Няхай будуць асаромленыя і спалоханыя навечна, няхай будуць у сораме і загінуць,
19  і пазнаюць, што імя Тваё — ГОСПАД, і толькі Ты — Найвышэйшы над усёй зямлёю.