Пс 84
Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Сыноў Караха. Псальм.
Як умілаваныя сялібы Твае, ГОСПАД Магуцьцяў!
Прагне і тужыць душа мая па панадворках ГОСПАДА; сэрца маё і цела маё весяляцца ў Богу Жывым.
Нават птушка адшукала дом, ластаўка — гняздо для сябе, дзе птушанятак сваіх укладае: ля ахвярнікаў Тваіх, ГОСПАД Магуцьцяў, Валадар мой і Бог мой!
Шчасьцівыя тыя, што жывуць у доме Тваім, заўсёды яны выхваляюць Цябе. (Сэлях)
Шчасьлівы чалавек, сіла якога ў Табе, і ў сэрцы якога дарога [да Цябе]!
Праходзячы далінаю Бака, яны адкрываюць крыніцы, і дождж раньні пакрывае яе дабраслаўленьнем.
Ідуць яны ад сілы да сілы, і прыходзяць да Бога на Сыён.
ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, пачуй малітву маю! Прыхілі вуха, Божа Якубавы! (Сэлях)
10  Божа, шчыце наш! Зірні і паглядзі на аблічча памазанца Твайго!
11  Бо [адзін] дзень на панадворку Тваім лепшы за тысячу [іншых]; я выбіраю стаяць ля парога ў доме Божым, чым жыць у намётах беззаконьня.
12  Бо ГОСПАД Бог ёсьць сонца і шчыт; ГОСПАД дае ласку і славу, і не адмовіць дабра аніякага тым, што ў беззаганнасьці ходзяць.
13  ГОСПАД Магуцьцяў! Шчасьлівы чалавек, які на Цябе спадзяецца!