Пс 96
Сьпявайце ГОСПАДУ новы сьпеў, сьпявайце ГОСПАДУ, уся зямля!
Сьпявайце ГОСПАДУ, дабраслаўляйце імя Ягонае! З дня на дзень дабравесьціце пра збаўленьне Ягонае!
Абвяшчайце між народамі славу Ягоную, між усімі людзьмі — цуды Ягоныя.
Бо вялікі ГОСПАД і годны [ўсялякай] хвалы, годны страху больш за ўсіх багоў!
Бо ўсе богі народаў — ідалы, а ГОСПАД нябёсы стварыў.
Годнасьць і велічнасьць перад абліччам Ягоным, моц і краса — у сьвятыні Ягонай.
Аддайце ГОСПАДУ, плямёны народаў, аддайце ГОСПАДУ славу і моц!
Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага, нясіце дары і ідзіце ў панадворкі Ягоныя.
Пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятыні; дрыжыце перад абліччам Яго, усе землі!
10  Скажыце народам: “ГОСПАД валадарыць! Ён сусьвет умацаваў, каб не пахіснуўся. І будзе судзіць Ён народы паводле справядлівасьці”.
11  Няхай узьвесяляцца нябёсы і ўзрадуецца зямля; няхай мора гудзе, і ўсё, што ў ім.
12  Няхай усьцешыцца поле і ўсё, што на ім; і будуць усклікаць тады ўсе дрэвы лясныя,
13  перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён ідзе, бо Ён ідзе судзіць зямлю. Судзіць Ён будзе сусьвет паводле праведнасьці і народы — паводле вернасьці Сваёй.