Пс 97
ГОСПАД валадарыць! Няхай радуецца зямля, няхай весяліцца мноства астравоў!
Хмары і імгла навакол Яго; праведнасьць і суд — падставы пасаду Ягонага.
Агонь ідзе перад абліччам Ягоным і паліць наўкола супраціўнікаў Ягоных.
Маланкі Ягоныя сусьвет асьвятляюць; бачыць гэта зямля і дрыжыць.
Горы топяцца, быццам воск, ад аблічча ГОСПАДА, ад аблічча Госпада ўсёй зямлі.
Апавядаюць нябёсы праведнасьць Ягоную, і ўсе народы бачаць славу Ягоную.
Асаромяцца ўсе, што балванам служаць, што ідаламі сваімі хваляцца. Пакланіцеся Яму, усе богі!
Чуе гэта Сыён і весяліцца, і радуюцца дочкі Юдавы дзеля судоў Тваіх, ГОСПАДЗЕ!
Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, над усёй зямлёй Найвышэйшы, Ты ўзьнёсся па-над усімі багамі.
10  Вы, што любіце ГОСПАДА, ненавідзьце зло! Ён захоўвае душы багабойных Сваіх, з рукі бязбожных выратоўвае іх.
11  Сьвятло ўзыходзіць для праведніка, і радасьць — для шчырых сэрцам.
12  Весяліцеся ў ГОСПАДЗЕ, праведнікі, і слаўце на ўспамін сьвятасьці Ягонай!