Пс 99
ГОСПАД валадарыць, няхай дрыжаць народы! Ён сеў на херубімаў, няхай ўзварухнецца зямля!
Вялікі ГОСПАД на Сыёне, Ён узвысіўся па-над усімі народамі.
Няхай славяць імя Ягонае вялікае і страшнае; [бо] сьвятое яно!
І моц Валадара, Які любіць суд. Ты ўстанавіў справядлівасьць, Ты суд і праведнасьць учыніў у Якубе.
Узьвялічвайце ГОСПАДА, Бога нашага, і пакланіцеся ля падножжа стоп Ягоных, [бо] сьвяты Ён!
Майсей і Аарон сярод сьвятароў Ягоных, і Самуэль сярод тых, што клічуць імя Ягонае; яны клікалі ГОСПАДА, і Ён адказаў ім.
У слупе воблачным прамаўляў Ён да іх; яны захоўвалі сьведчаньні Ягоныя і пастановы, якія Ён даў ім.
ГОСПАДЗЕ, Божа наш, Ты адказваў ім. Ты быў для іх Богам, Які прабачаў іх і адплочваў за ўчынкі.
Узьвялічвайце ГОСПАДА, Бога нашага, і пакланіцеся перад гарой Яго сьвятою, бо сьвяты ГОСПАД, Бог наш!