1 Цім 4
А Дух выразна кажа, што ў астатнія часы некаторыя адыйдуць ад веры, зважаючы на духаў падманлівых і вучэньні дэманавы,
якія праз крывадушнасьць тых, якія кажуць фальшыва і выпалілі сумленьне сваё,
якія забараняюць жаніцца, [кажуць] высьцерагацца ежы, якую Бог стварыў дзеля спажываньня з падзякай вернымі і тымі, якія пазналі праўду.
Бо ўсякае стварэньне Божае добрае, і нішто ня мае быць адкінутым, што прыймаецца з падзякаю,
бо асьвячаецца праз слова Божае і малітву.
Прадстаўляючы гэта братам, будзеш добрым служыцелем Ісуса Хрыста, спасіленым словамі веры і добрым навучаньнем, за якімі ты пайшоў сьледам.
А паганых і бабскіх баек цурайся, але практыкуйся ў пабожнасьці.
Бо цялеснае практыкаваньне мала карыснае, а пабожнасьць на ўсё карысная, маючы абяцаньне жыцьця цяперашняга і будучага.
Вернае [гэта] слова і ўсякага прыняцьця вартае.
10  Бо мы дзеля гэтага і працуем, і зьнявагі церпім, што спадзяемся на Бога Жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найбольш — верных.
11  Загадвай гэта і навучай.
12  Няхай ніхто не пагарджае маладосьцю тваёй, але будзь прыкладам для верных у слове, у ладзе жыцьця, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.
13  Пакуль прыйду, займайся чытаньнем, пацяшаньнем, навучаньнем.
14  Не занядбоўвай дару [ласкі], што ў табе, які дадзены табе праз прароцтва, з ускладаньнем рук старостаў.
15  Гэта абдумвай, у гэтым будзь, каб посьпех твой быў яўны для ўсіх.
16  Захоўвай сябе і вучэньне, трывай у гэтым, бо, гэтак робячы, і сябе збавіш, і тых, якія слухаюць цябе.