1 Цім 5
Старога ня гань, але прасі як бацьку, маладых — як братоў,
старых жанчынаў — як матак, маладых — як сёстраў, з усякай чысьцінёю.
Удоваў шануй, тых, якія праўдзіва ўдовы.
А калі якая ўдава мае дзяцей ці ўнукаў, яны перш няхай вучацца шанаваць свой дом і аддаваць належнае бацькам, бо гэта добра і прыемна перад Богам.
Праўдзівая ўдава і адзінокая спадзяецца на Бога і трывае ў малітвах і просьбах уночы і ўдзень,
а тая, што жыве ў распусьце, жывучы, мёртвая.
І гэтак загадвай, каб былі бездакорнымі.
А калі хто пра сваіх, і асабліва, пра хатніх ня дбае, той адрокся ад веры і горш за бязьвернага.
Удава мае быць унесеная ў сьпіс, якой ня менш як шэсьцьдзесят год, якая была жонкаю аднаго мужа,
10  засьведчаная ў добрых учынках, калі дзяцей выгадавала, калі прыймала падарожных, калі абмывала ногі сьвятым, калі падтрымлівала прыгнечаных, калі ішла сьледам за ўсякай добрай справай.
11  А маладым удовам адмаўляй, бо калі яны, разласаваўшыся насуперак Хрысту, захочуць замуж,
12  маюць асуджэньне, бо адкінулі ранейшую веру.
13  Да таго ж яны прывучаюцца не працаваць, цягаючыся па дамах; і ня толькі не працаваць, але і балбатаць, і рабіць непатрэбныя рэчы, гаворачы, чаго ня сьлед.
14  Дык хачу, каб маладыя [ўдовы] ішлі замуж, нараджалі дзяцей, кіравалі домам і не давалі супраціўніку ніякае нагоды дзеля абмаўляньня,
15  бо некаторыя ўжо збочылі ўсьлед за шатанам.
16  Калі які верны ці верная мае ўдовы, няхай падтрымлівае іх і не абцяжарвае царквы, каб яна падтрымлівала праўдзівых удоваў.
17  Старосты, якія кіруюць добра, дастойныя падвойнае пашаны, асабліва тыя, якія працуюць у слове і навучаньні.
18  Бо Пісаньне кажа: «Не закелзай вала, які малоціць», і: «Работнік варты нагароды сваёй».
19  Абвінавачваньне на старосту не прыймай, хіба што пры двух ці трох сьведках.
20  Тых, якія грашаць, дакарай перад усімі, каб і іншыя страх мелі.
21  Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі сьведчу [табе], каб ты захаваў гэтае без перадузятасьці, нічога ня робячы паводле прыхільнасьці.
22  Рукі хутка ні на кога не ўскладай і ня будзь супольнікам у чужых грахах; захоўвай сябе чыстым.
23  Больш ня пі ваду, але ўжывай крыху віна дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў.
24  Грахі некаторых людзей відочныя і вядуць на асуджэньне, а за некаторымі ідуць сьледам.
25  Гэтаксама і добрыя ўчынкі відочныя; і калі іначай, схавацца ня могуць.