Пс 2
 1  Чаму бунтуюцца народы, і плямёны задумваюць марнае?   
 2  Паўстаюць валадары зямлі, і князі сабраліся разам супраць ГОСПАДА і супраць Памазанца Ягонага:   
 3  “Парвема кайданы іхнія і путы іхнія скіньма з сябе!”   
 4  Той, Які жыве ў небе, будзе сьмяяцца, Госпад будзе кпіць з іх.   
 5  І скажа да іх у гневе Сваім і ў ярасьці Сваёй напужае іх:   
 6  “Гэта Я паставіў Валадара Майго на Сыёне, гары Маёй сьвятой!”   
 7  Я абвяшчу пастанову: “ГОСПАД сказаў да мяне: Ты – Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе!   
 8  Зажадай ад Мяне, і дам Табе народы зямлі ў спадчыну, і межы зямныя — на ўласнасьць Табе.   
 9  Кіем жалезным паб’еш іх, быццам начыньне глінянае скрышыш іх”.   
 10  Дык цяпер, валадары, зразумейце, навучыцеся, судзьдзі зямлі!   
 11  Служыце ГОСПАДУ са страхам і радуйцеся з дрыжаньнем.   
 12  Слаўце Сына, каб не разгневаўся, і каб ня зьнішчыў шляху вашага, бо неўзабаве ўзгарыцца гнеў Ягоны! Шчасьлівыя ўсе, якія ў Ім маюць надзею.